Беларуская Служба

Еўропа пачынае з непакоем глядзець на Кітай

08.12.2023 13:52
У кітайскай сталіцы праходзіць саміт Еўрасаюз-Кітай. Гэта першая сустрэча на вышэйшым узроўні за апошнія 4 гады. Напярэдадні саміту стала вядома, што Італія абвесіла пра выхад з кітайскага стратэгічнага праекта «Адзіны пояс і шлях».
Аўдыё
  • Еўрасаюз спрабуе дамовіцца з Кітаем
Ілюстрацыйнае фотаEPA/DARIO PIGNATELLI/EUROPEAN UNION Dostawca: PAP/EPA.

Гэта сведчанне нарастаючых рознагалоссяў у адносінах паміж ЕС ды Кітаем. Больш за тое, еўрапейцы пачалі бачыць пагрозу ў кітайскіх інвестыцыях.

Старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен лічыць, што Кітай і Еўрапейскі Саюз павінны вырашыць свае рознагалоссі. Кіраўнік Еўракамісіі знаходзіцца ў Пекіне, дзе ўдзельнічае ў двухдзённым саміце ЕС-Кітай. У Пекінскай сустрэчы таксама бяруць удзел старшыня Еўрапейскай Рады Шарль Мішэль, вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах Жазэп Барэль, старшыня КНР Сі Цзіньпін і прэм'ер-міністр Лі Цян.

Гэта першая такая сустрэча паміж прадстаўнікамі Еўрасаюза і Кітая з 2019 года. Звяртаючыся да кітайскіх уладаў на пачатку саміту, Урсула фон дэр Ляен падкрэсліла, што абодва бакі павінны адказна падысці да пытанняў, якія іх дзеляць.

- Тое, як мы справімся з цяжкасцямі ва ўзаемаадносінах і дамовімся па важных агульных эканамічных і геапалітычных пытаннях, важна для абодвух бакоў: Еўрасаюза і Кітая. Гэта непасрэдна ўплывае на дабрабыт і бяспеку нашых грамадстваў. Часам нашы інтарэсы супадаюць, але калі яны не супадаюць, нам трэба заняцца пытаннем і адказна паставіцца да нашых праблем.

Старшыня Еўрапейскай Рады Шарль Мішэль заклікаў Пекін памятаць пра еўрапейскія каштоўнасці.

-27 кіраўнікоў краін ЕС згодныя, што трэба працягваць стабільныя ды ўзаемавыгадныя адносіны паміж ЕС і Кітаем. Аднак гэтыя адносіны павінны быць пабудаваныя на прынцыпах празрыстасці, прадказальнасці ды ўзаемнасці. Пры гэтым для нас важны каштоўнасці правоў чалавека і дэмакратыі. Мы гатовыя да супрацоўніцтва па глабальных пытаннях як клімат, здароўе, бяспека і стабільнасць у свеце.

У сваю чаргу кітайскі бок казаў пра прыярытэт стрыманасці і стабільнасці. Пра гэта ў Пекіне еўрапейскім гасцям нагадаў старшыня КНР Сі Цзіньпін.

- Цяпер у свеце адбываюцца маштабныя змены. Кітай ды ЕС выступаюць абодва за шматпалярны свет. Гэта два глабальныя рынкі, але розныя. Мы разам павінны адказваць за стабільнасць і развіццё глабальнай эканомікі. У далейшым мы павінны дзейнічаць стрымана, захоўваць палітычны давер, падтрымліваць узаемадзеянні дзеля нашых народаў.

Эксперты кажуць, што гэтыя спрэчкі - толькі вяршыня айсберга. На Захадзе ўсё больш непакояцца зменай кітайскай рыторыкі, у якой усё часцей чуваць словы пра «сутнастную супярэчнасць» у адносінах з Захадам. У якасці прыкладу прыводзіцца Тайвань, які Пекін хоча захапіць, а менавіта там вырабляецца найбольш кампутарных чыпаў у свеце, ці Блізкі Ўсход, адкуль Кітай імкнецца выштурхнуць заходнія дзяржавы, будуючы хаўрус з Іранам ды арабскімі краінамі, распавядае палітолаг Радаслаў Пыфэль з Інстытута Сабескага ў Варшаве.

- У выпадку Блізкага Ўсходу, мы бачым, што Кітай мае моцную праарабскую пазіцыю. Пекін дамагаецца аднабаковага спынення вайсковых дзеянняў з боку Ізраіля, каб даць Ірану і Хамасу час на перагрупоўку ды адбудову сіл. Апошні арабскі самі паказаў, што ісламскі свет адварочваецца ад ЗША за падтрымку Ізраіля ды паглядае ў бок Кітаю. Пекін гэтаму рады, бо не бачна жадання з іх боку спрыяць мірным перамовам. Нават, калі б яны маглі, не бачна жадання. Дадаткова Кітай чакае на нарастанне праблем ЗША, якім цяпер даводзіцца падтрымліваць не толькі Украіну, але і Ізраіль. Плюс да гэтага моцная ўнутраная барацьба напярэдадні выбарчай кампаніі. Пытанне, ці на гэтым фоне мы бачым жаданне Пекіна спрыяць мірным працэсам у свеце?

Апроч таго ў Еўропе набірае абароты працэс абмежавання кітайскай эканамічнай прысутнасці. Услед за амерыканцамі еўрапейцы заўважылі, што ў выпадку Кітай эканамічнай дзейнасцю не абмяжоўваецца. Напрыклад, прысутнасць кітайскага капіталу ў партах краін Еўрасаюза стварае рызыку кібератак, шпіянажу і крадзяжу канфідэнцыяльных дадзеных. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы Еўрапарламенту, дзе ўказваюцца кіберпагрозы, «калі кітайскія кампаніі атрымаюць доступ да сістэм сувязі і лакальных сетак».

Самая небяспечная сітуацыя склалася ў грэцкім Пірэўсе і нямецкім Гамбургу.  Дзякуючы прысутнасці ў Гамбургу кітайскія ўлады атрымліваюць «шырокі доступ да ключавых сістэм і даных, уключаючы ваенныя сакрэты Германіі і НАТА». З 2004 па 2021 год кітайскія кампаніі выдаткавалі больш за 9,1 мільярдаў еўра на паглынанне еўрапейскіх марскіх партоў. Найбуйнейшымі інвестарамі з'яўляюцца Ocean Shipping Company (Cosco) і China Merchants. Цяпер Кітай праз свае кампаніі прысутнічае яшчэ ў дзесяці краінах ЕС: Польшча, Бельгія, Францыя, Германія, Грэцыя, Італія, Мальта, Нідэрланды, Іспанія і Швецыя.

Як падкрэсліваецца ў справаздачы ЕП, гэта ўяўляе сабой «рызыку як на мясцовым узроўні», так і «можа прадстаўляць і больш шырокую небяспеку для Еўропы, асабліва ў дачыненні да ўзброеных сіл краін-чальцоў ЕС і NATO».

Між іншым, з гэтым звязваюць нядаўняе рашэнне (6 снежня) Італіі аб афіцыйным выхадзе з кітайскай ініцыятывы «Пояс і шлях». Італія была адзінай краінай G7, якая далучылася да гэтага праекта ў 2019 годзе. Цяпер заяўлена, што стратэгічны порт Таранта на поўдні Італіі, які кантралюецца кітайскім капіталам, мае намер «адкупіць» польскі кансорцыум пры падтрымцы ЗША, піша штодзёнка «La Verita». Група з трох кампаній інвесціруе ў прыстань 60 мільёнаў еўра. Кіраваць інвестыцыямі будзе кансорцыум з трох кампаній, якія працуюць у лагістычнай індустрыі, а ўвесь праект будзе злучаны паміж Польшчай і ЗША. Operations sp. z o. o. (PLUS Ops). Інвестыцыйным партнёрам у порце Таранта будзе экспедытарская кампанія Pol-Mare з Гдыні, якая прысутнічае ў транспартнай індустрыі больш за 15 гадоў.

Мала верагодна, каб кітайскія ўлады на гэта не зрэагавалі, што азначае непрадказальнасць міжнародных працэсаў, перакананы Радаслаў Пыфэль.

- Гандлёвы абарот за апошнія гады Кітая з Еўрасаюзам і ЗША скарацілася, нават на 14,5% паменшыўся абмен з Амерыкай. Менавіта дзякуючы гандлю з гэтым рынка Кітай развіваўся. Сітуацыя Кітая становіцца больш складанай. Кантэкст геапалітычны пачынае дамінаваць, далейшыя падзеі будуць вельмі дынамічныя.

Заходнія эксперты зазначаюць яшчэ, што ў 2022 і 2023 гадах доля Кітая ў сусветным ВУП знізілася. Кітай больш не спрыяе росту сусветнай эканомікі. ЗША ды краіны, што развіваюцца, адказваюць больш за развіццё глабальнага рынку, пра гэта напісаў кіраўнік Rockefeller International Ручыр Шарма ў Financial Times.

Адмысловец падкрэсліў, што ў 2022 і 2023 гадах сусветная эканоміка вырасла на 8 трыльёнаў долараў і дасягне  105 трыльёнаў долараў. На Кітай прыходзіцца малая частка гэтага росту, а на долю ЗША - 45%, на іншыя краіны, што развіваюцца, - 50%. Сярод іх палова росту прыпадае толькі на пяць дзяржаў: Індыю, Інданезію, Мексіку, Бразілію ды Польшчу.

Юры Ліхтаровіч